«

»

Распечатать Запись

Артур Цяжкі

Артур пражыў няпоўных сорак адзін год. Нарадзіўся 23.07.1943 г. – памёр 5.04.1984г.

a-tyazhkі-2013-11-02-08-11На жаль у Вікіпедыі і іншых крыніцах інтэрнэту не змог знайсці спасылкі на біяграфію пісьменніка Артура Тяжкага. Прыйшлося сабраць інфармацыю з розных крыніц.

Біяграфія.

Цяжкі Артур, нарадзіўся 23.07.1943 г. у вёсцы Лылойцы Смаргонскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям»і. Пасля заканчэння Свірскай сярэдняй школы Мядзельскага раёна (1963) працаваў у смаргонскай раённай газеце «Светлы шлях» літсупрацоўнікам. У 1963-1967 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1967-1968 гг. — літсупрацоўнік раённай газеты. З 1969 г. — карэспандэнт газеты «Чырвоная змена», з 1971 г. — уласны карэспандэнт гэтай газеты па Берасцейскай вобласці, у 1972-1975 гг. і ў 1978 г. — карэспандэнт берасцейскай абласной газеты «Заря». У 1974 г. скончыў завочнае аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1975-1977 гг. — карэспандэнт раённай газеты «Астравецкая праўда», з верасня 1978 г. — адказны сакратар Гарадзенскага абласнога таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, у 1979 г. — карэспандэнт газеты «Голас Радзімы», са снежня 1979 г. — карэспандэнт газеты «Знамя юности», у 1981-1984 гг. — рэдактар Гарадзенскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасці. Сябра СП СССР з 1982 г.Узнагароджаны медалямі.Першыя апавяданні апублікаваў у 1966 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Сустрэча пасля вясны» (1980), «Пара блакітных дажджоў» (1982), «Дзе мой дом?..» (1986).

Напісаў ён нямала, але выдадзена ўсяго некалькі кніг, дзве выйшлі пры жыцці, дзве – пасля яго смерці. Апошняе выданне 1990 года ў Маскоўскім выдавецтве «Советский писатель».

Нічога не бывае выпадковым ў нашым жыцці. З Артурам я сустракалася  некалькі разоў. Распавяду, як гэта здарылася.

29 красавіка 1982 года мы з Ліляй Цяжкай апынуліся ў гарадзенскім радзільным доме, дзе і пазнаёміліся. Атрымалася на ўсё жыццё.

Нашы сыны – Максім Цяжкі і мой Сяргей нарадзіліся ў адзін дзень. У радзільным доме жанчыны праводзяць сем дзён. Звыклыя сцэнкі кожнага радзільнага дома – пад вокнамі збіраюцца шчаслівыя бацькі. Такім жа шчаслівым бацькам стаў і Артур.

Мы з Ліляй выглядалі з трэцяга паверху ў двор. Пад вокнамі стаяў Артур, вельмі прыгожы і малады, стройны, артыстычны, падцягнуты, на галаве чарнявая шавялюра пышных валасоў. Ліле, нам, жанчынам па палаце,  і ўсяму свету усміхаўся шчаслівы бацька. Сын нарадзіўся!

137424947525195-i0Красавік у той год выдаўся халодны, але пасля першага траўня неяк раптам,  разам з моцным начным дажджом і навальніцай пачалося цяпло – сапраўдная вясна. Дрэвы пяшчотна зазелянелі, усе людзі апранулі лёгкія курткі, жанчыны – сукенкі, кофты, модныя туфлі.

З вокнаў радзільнага дома жанчыны з некаторай доляй шкадавання і суму глядзелі, як усё на вуліцы расквітае, асабліва стары яблыневы сад бальніцы, ён увесь  пакрыўся юнай зелянінай. Яркае сонца, спевы птушак, сіняе неба, як быццам належала ўсім людзям, але толькі не нам. Вельмі хацелася дадому.

З тых часоў і да сённяшняга дня мы сябруем з Ліляй, як аказалася потым і жывем побач, ў адным квартале. Тую вясну, лета мы выгульвалі у калясках нашых дзяцей, сустракаліся, абмяркоўвалі свае матчыны праблемы.

Бацькі Цяжкія назвалі свайго сына Максімам. У гэтым была свая логіка – Артур любіў творчасць Максіма Багдановіча, Максіма Горкага, білет члена саюза пісьменнікаў яму ўручыў Максім Танк.

Здавалася, у Артура Цяжкага, як празаіка і чалавека, яшчэ ўсё наперадзе. А ён сышоў нечакана,  на самым ўзлёце, цалкам сабе не рэалізаваўшы. Ведаю, у жыцці, гісторыі і літаратуры няма месца ўмоўнаму ладу – калі б…

Калі б Артур Цяжкі пражыў даўжэй… Думаю, ўпэўненая, яго маладая, сакавітая проза, такая паэтычная, жывая, цудоўная, прасякнутая прыгажосцю, шчырымі пачуццямі і любоўю да роднай мовы, роднай зямлі, сваіх бацькоў, землякоў настаялася, выспела, як добрае віно, то ў беларускай літаратуры ўсімі гранямі таленту засвяціла новае імя.

Вось што здзіўляе: нарадзіўся ён у глухім далёкім куце, на хутары, у звычайнай сялянскай сям»і, а імя хлопчыку далі рэдкае и прыгожае – Артур. Адразу ідуць асацыяцыі: кароль Артур, герой рамана Э.Войнич «Авадзень» легендарны рэвалюцыянер Артур, тэлевізійны герой, сын рыбака Артур Банга з серыяла «Доўгая дарога дадому», светлая любоў Артура і Марты, якая прайшла выпрабаванні вайной, пазбаўленнямі і нягодамі.

Так і атрымалася, бацька Артура Іосіф Цяжкі любіў чытаць кнігі, і даў імя маладшаму сыну ў гонар літаратурнага персанажа Артура Бертан з кнігі Э.Войнич «Авадзень».

Прозвішча Цяжкі досыць цяжкае. Назвалі б хлопчыка звычайным імем, напрыклад, Міхась ці Васіль, і што? У такім простым спалучэнні наўрад ці адбыўся пісьменнік, магчыма я памыляюся, але гэта маё асабістае меркаванне.

А вось спалучэнне Артур Цяжкі загучала па-іншаму, паэтычна, узнёсла і лёгка, у ім чуецца светлая рамантыка і вышыня. Прыгожае, ганаровае імя Артур пацягнула за сабой нейкі іншы груз лёсу, спалучэнне напоўнілася асаблівым і прадказальным сэнсам, як вялікі цяжар або крыж, і ледзь-ледзь містычным адчуваннем.

З137424947525195-1 той самай вясны 1982 года ў мяне ад прозы Артура Цяжкага на ўсё жыццё засталося адчуванне лёгкага дыхання, маладой энергіі, светлай паэтыкі, чаканне будучыні, якая наскрозь прасякнута ноткамі трагізму і безвыходнасці.

Два пачатку, дзве дарогі, два крылы, якія сышліся ў лёсе і творчасці таленавітага беларускага пісьменніка.

Гэта адчуванне незавершанасці творчага шляху да сёньня жыве, бо ён быў яшчэ даволі маладым пісьменнікам. Такая маладая шчырая ПРОЗА. Вясна празаіка.

Чаму так, а не інакш? Гэтае пытанне ўжо не да мяне. Стан творчага духу, яго прыроду немагчыма падкарэктаваць ці змяніць чужой воляй. Ува мне жыве гэта запозненае шкадаванне і чаканне будучых новых твораў. Як шкада, мае спадзявані не апраўдаліся…

Артур Цяжкі пакінуў пасля сябе ў асноўным прозу малой формы –  апавяданні, аповесці, замалёўкі.

Не ўсім дадзены рэдкі дар чуць  роднае слова, а ён яго умеў слухаць і чуць, умеў з ім працаваць. Як умее толькі сапраўдны творца і майстар высокамастацкага слова.

Сёння многія іншыя старанна барабаняць, стукаюць, малоцяць, як дзятлы па дрэве, гуку шмат, але ён пусты і гулкі, як у бочцы.

Не будзем цешыць сябе ілюзіямі. Амаль нічога не застаецца, усіх нас забудуць. Але застануцца нашы дзеці, уніукі і так далей, а ў пісьменнікаў яшчэ і – кнігі.

Перачытваю кнігу Артура Цяжкага «Дзе мой дом?» 1986 года выдання, выдавецтва «Мастацкая літаратура». Тыраж 6000 экз. Рэцэнзент У.Ларчанка, пасляслоўе Г.Шупенькі.

Анонс  такі: «У аповесцях і апавяданнях Артура Цяжкага героі – нашы сучаснікі, людзі са сваім складаным унутраным светам, з бясконцымі пошукамі месца ў жыцці, яго сэнсу. Большасць з іх ужо не сельскія жыхары, але яшчэ і не гараджане. У цэнтры ўвагі аўтара складаны працэс адаптацыі да новага жыцця».

 Аповесць «Дзе мой дом?» складаецца з адзінаццаці замалёвак-навэл. Назву «Дзе мой дом?» атрымала і ўся кніга. Галоўны герой – Максім, ад яго імя аўтар стварае ўсе сюжэты аповесці.

Максім, як і сам пісьменнік – журналіст раённай газеты. Гэта самотны чалавек, ён перайшоў ужо ўзрост трыццаці гадоў, за спіной застаўся першы вопыт не зусім удалага сямейнага жыцця, растанне з першай сям»ёй. Максім мучыцца мінулым, здымае чужыя куты, яго асабістае жыццё не ўладкована і не сагрета.

Аўтар старанна будуе жыццё свайго героя, гэта сустрэчы, працоўныя будні газеты, абмеркаванне артыкулаў, блізкія сябры, адносіны з жанчынамі, паездкі дадому, у родную вёсачку да маці. Але акрамя знешняга асяроддзя, якое акружае героя аповесці, самі чытачы пранікаюць ў яго закрыты духоўны свет.

«Вечарам, апустошаны, часам злы, а часам проста абыякавы, пакінеш пракураны кабінет. Будзешь ісці расхрыстанай вуліцай і думаць-гадаць, чым бы запоўніць пустату».

«Што зрабіў, што пакінуў пасля сябе? Артыкулы, як матылькі-аднаднеўкі, прамільгнулі і забыліся – каторы адразу, «не збудзіўшы святога сумлення», каторы трохі пазней. Няўжо і сам ты, на фоне вечнасці, прамільгнеш, як той матылёк? Сумна, крыўдна, страшна».

 Пісьменнік вырас на савецкіх каштоўнасцях, іншых ён і не ведаў. Пасля вайны вучыўся ў савецкай школе, быў камсамольцам, у яго ёсць свае любімыя паэты і пісьменнікі, песні і героі. Так жыла ў большасці сваёй ўся культурная інтэлігенцыя.

Гэта нашы песні з мінулага. Ён так і кажа ў аповесці – нашы песні.

А у нас во дворе

Есть девчонка одна…

Вышла мадьярка на берег Дуная,

Бросила в воду цветок.

Пахнет палуба клевером,

Хорошо, как в лесу.

Максіму падабаецца проза пісьменнікаў-франтавікоў Васіля Быкава, Рыгора Бакланава, Віктара Астаф»ева. Ён не аддзяляе паэта, які піша на рускай мове, ад беларускага паэта. Галоўнае, каб вершы былі напісаныя жывым, вобразным словам. Напрыклад,  ён прачытаў у маскоўскім часопісе  «Наш современник» вершы, імя паэта не запомніў, але запісаў так.

Печь топлю. Какая радость –

Есть еще на свете печь!

Речь храню. Какая сладость –

Речь родную беречь.

«Дзіўна, – думаў Максім,  – колькі выйшла з вёсак паэтаў і пісьменнікаў, а ніхто чамусьці як належыць не ўславіў печ. Апяваюць лазні – курныя, з дымаходам, фінскія – гэта лекі, гэта здароўе, а печ… Прамокнеш, намерзнешься, і здаецца, ну, усё – хвароба цябе не міне. Але забярэшся на гарачую печ, выграешся, і ўсё забудзецца».

Літаратурны герой Артура Цяжкага Максім думае думкамі і кажа словамі самого аўтара. Колькі ў іх болю і смутку!

«…я й і сам не ведаю, які я. Ці ў мяне душа скалечана, ці яшчэ што? Ні да якого берага не магу прыбіцца. Ад вёскі адарваўся, да горада не прырос. Жыву ў горадзе – плачу па вёсцы. Прыеду, пажыву, агляджуся і зноў пра гэты вір думаю. Цягне нырнуць туды. А тут задыхаюся, як сасна, заціснутая мурамі».

 Расчараванні пісьменніка датычацца вечных праблем творчасці, хоць некаторыя сёння могуць прачытаць і скарэктаваць іх не вельмі ўдала нашым часам, калі ідзе перагляд мінулага, не заўсёды верны. 70-80-я гады мінулага стагоддзя ў трактоўцы многіх маладых неарадыкалаў – гэты час абсалютнага застою, ганенняў, страху і г.д. Мая парада – трэба ўважліва чытаць аўтарскія арыгінальныя тэксты і не шукаць там таго, чаго на самой справе няма.

Як строгі да сябе, да сваёй творчасці пісьменнік. Паслухайце.

«Нашы багі – Ясенін, Бёрнс, Высоцкі. Не сціхай, баргузін, дуй у нашы блакітныя ветразі. Наперад, бадзягі!.. Стоп! А куды ж мы плывем? Хто мы, што мы? Дзе нашы кнігі, карціны, песні? Няма іх, не напісалі, не склалі… Аднойчы нешта стварўшы, паверылі, што мы таленты, мастакі, а таго не ведалі, што сапраўдны мастак нібы ёг: басанож ідзе па гарачым вуголлі. Нам жа не хапіла мужнасці і таленту не тое каб ісці па гарачым вуголлі, а проста хоць што-небудзь тварыць».

 Родныя сцены старой бацькавай хаты, родная зямля, неба над галавой даюць душэўны спакой, лечаць стомленае сэрца паэта. У душы – Артур Цяжкі  сапраўдны паэт. Ён і пачынаў як паэт, пісаў вершы, а потым адчуў, што гэтага яму мала, у ім пачаў нараджацца пісьменнік.

З замалёўкі «Хранічны сум».

«Максім любіў сваіх бацькоў, даражыў імі. У родным доме ён адпачываў, лячыў збалелыя душу і сэрца. У родным доме, у бацькоў, ён знаходзіў у цяжкія мінуты тое, чаго нідзе не мог знайсці. І, зноў адпраўляючыся ў вялікі свет, у вір жыцця, Максім, як некалі, як тады, на самым пачатку, маліўся ў думках:»

Свяцейшы момант пачатку, маці мая родная, міласэрдная, дом бацькоўскі, зямелька мая, дайце мне сілы і моцы выстаяць-здужыць, дайце жаданне і розум ісці далей…»

 Сыну пісьменніка Максіму ня споўнілася і двух гадоў, як пайшоў з жыцця, з нашай сучаснай літаратуры таленавіты пісьменнік,  добры бацька, муж.

Ён меў сваю філасофію жыцця, выдатны і асаблівы голас, тонкі і адчувальны погляд на ўвесь навакольны свет, забраўшы з сабой у неба цэлы космас пачуццяў, памкненняў, планаў, надзей і ў той жа час вельмі наш, вельмі беларускі празаік  – Артур Цяжкі.

«І вось вырасце ў яго сын, пойдзе ў свет. Хто застрахуе яго ад жыццёвых хібаў, ад цяжкіх і горкіх мінут? Ніхто. Усё будзе, усяго давядзецца паспытаць. Дзе шукаць яму тады надзейнага прытулку каб адпачыць, акрыяць? Хто дапаможа маладому вераб»ю і рублём і словам? Маці?..»

Якія прарочыя словы! А бо сапраўдныя пісьменнікі і ёсць прарокі, яны прадказваюць і адчуваюць шмат чаго, што не дадзена простым абывацелям, іх душа, сэрца, нервы аголеныя, яны жывуць, як чулыя перадатчыкі.

Сёння 2 лістапада – памінальны дзень нашых продкаў – Дзяды. Гэтае свята дайшло да нас з глыбокай старажытнасці, яшчэ з дахрысціянскіх часоў.

137424947525195-6

Мне хочацца прывесці словы нашай гродзенскай паэтэсы Святланы Куль, яны так дарэчныя ў гэты памінальны дзень.

Паміж мінулым і сучаснасцю, паміж паэтамі і пісьменнікамі, якія даўно пайшлі, і тымі, хто жыве і  піша сёння, існуе нябачная жывая ніць святых традыцый.

Як птушкі з заблукаўшай чарады,
З дажжамі прылятаюць успаміны :
Сябры мае цяпер ужо Дзяды,
Я ў лістападзе клікаць іх павінна.

Я памятаю вочы і хаду,
Як усміхаўся, слоўцы і мянушкі,
Няўмольна папаўняюць чараду
Мая туга, мае ўспаміны-птушкі.

Пакуль жыву, я буду клікаць іх,
Не верачы ў апошняе растанне,
Такіх зямных, любімых і жывых.
Паклічце іх, калі мяне не стане.

 Мы памятаем ўсіх.

Ірына Шатыронак, Гродна

 

"> ,next:openstat};(function(d,t){var j=d.createElement(t);j.async=true;j.type="text/javascript";j.src="//openstat.net/cnt.js";var s=d.getElementsByTagName(t)[0];s.parentNode.insertBefore(j,s)})(document,"script")