«

»

Распечатать Запись

Мар’ян Дукса

 

Мар’ян Дукса

Аўтабіяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў 1943 годзе на хутары каля вёскі Каракулічы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Свірскае вучылішча механізацыі, філалагічны факультэт БДУ. Працаваў у калгасе, настаўнічаў на Смаргоншчыне, дзе жыве і зараз.

Аўтар зборнікаў паэзіі “Спатканне”, “Крокі”, “Прыгаршчы суніц”, “Зона супраціўлення”, “Горн прымірэння”, “Прыйсці да алтара” і інш. Аўтар кніг для дзяцей “Зялёны акварыум”, “Світаюць сосны”, “Працавітае сонца”, “Нябесны карнавал”. Вершы перакладаліся на рускую, украінскую, польскую, балгарскую мовы.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі прэміі імя А.Куляшова за кнігу вершаў і паэм “Заснежаныя ягады”.

У апошнія гады часта выступае ў хрысціянскім друку.

 

Невыпадковыя рэфлексіі

Пасыплем попелам галовы

за ўсе развязаныя звягі,

дзе не хапіла нам адвагі

прамовіць прабачэння словы.

Пасыплем попелам галовы

за ўсе дыскусіі і сходкі,

дзе, як ні разважай, а ўсё-ткі

закон душы не быў галоўным.

За тое, што даўно асіплі

ад марнатраўных паўтарэнняў,

за ўсе сляпыя завіхрэнні,

за патуранне… мы пасыплем.

Пакоры   попел! Скарыстанне

яго – зусім нас мала вабіць?…

Хоць, можа, ён на сэрца трапіць

і золатам у сэрцы стане.

*  *   *

Сон паўтараецца ў мяне ізноў,

ён, нібы сстрэлка, затрымаўся ў часе:

экзамен нечакана надышоў –

я ж да яго зусім   не рыхтаваўся.

Бяда, бяда, адна з найбольшых бед.

Сяджу перад дацэнтам, ледзь не плачу.

З дрыжачым сэрцам выцягнуў білет –

Зацяўся, апусціўшы галаву.

Застацца без стыпендыі лагічна…

Калі ж я скончу гэты БДУ,

багаж набуду свій філалагічны?

Усцешуся, як цяжкі сон міне.

  • * * *

Маё ўтрапенне раніца астудзіць…

Ты, Божа, папярэджваеш мяне,

Нагадваеш, што ўсё ж экзамен будзе.

Не страшыш, але ў першую чаргу

шкадуеш і ўнушаеш асцярожна:

я страціць не стыпендыю магу –

без вечнасці святой застацца можна.

*  *   *

На сцэне на адной хіба

разгортваецца цяжка драма?

Душу высмоктвае журба.

Як некалі прашэпчаш: “Мама…”

А мамы ўжо даўно няма.

Яна была – і гэта дзіва.

І сыпле мёрзлы снег зіма

на сцежкі, дзе яна хадзіла.

Усё прапала неўпрыкмет,

Засыпаныя ўсе дарогі.

Пакінулі нябачны след

яе зняможаныя ногі.

Скарылася ім ні адна вярста,

Была стамлёнай – самай, самай…

Вось бы прыпасці да Хрыста

і запытаць: “А што там з мамай?”

*  *   *

Свет не заўважыў: нехта выпаў з лодкі,

Не запаволіўся шалёнай лодкі бег.

Эстраднай зоркі галасок салодкі

аднекуль ліўся. Раздаваўся смех.

Не скалануўся ад дарожнай драмы,

не задрыжаў ад шкадавання свет,

заняты працай.

Хто спяшаўся ў краму,

на стадыён. Хто думаў пра абед.

Маленькі цень на самым бліжнім твары

 праплыў і знік. Нічога не было…

А ў цэнтры свету – закаханых пары…

І ўсе святло, што з неба – іх святло.

На шалях сэрцаў беды мала значаць,

хоць ліпнуць, як назойлівая тля…

Цікава, а сусвет… ён ці заўважыць,

калі з арбіты скоціцца Зямля?

*  *   *

Алтар ці подыум… І збродлівы наш лѐс

Кірунак выбірае запаветны.

Кагосьці вельмі цягне да нябёс,

а хтосьці аж бяжыць да апраметнай.

Алтар і подыум – не могуць без ахвяр,

іх столькі, што ўвабраць не могуць сцены.

Да зораў душы ўскідвае алтар,

а подыум – іх складвае ля сцэны.

Алтар і подыум. У цеснай згодзе жыць

ім не ўдаецца. Іхні гонар шкодзіць.

Алтар жадае вечнасці служыць.

А подыум сягоння верхаводзіць.

*  *   *

Анамальная зона, ніжніх нетраў разлом.

Тут людскія законы рушыць дзікі фантом.

Тут ты думаць не ў стане, халадзее ў грудзях.

І пачварныя зданні нам падкідваюць жах.

Над зямлёй той “чырвонай” – горкай памяці груз.

Анамальнаю зонай ці не быў ён – Саюз?..

Дзе за людствам ганяўся прывід байкі са злом –

у прасторы і часе быў вялікі разлом.

*   *   *

За пяць хвілін да гора шчасце скача,

шалець яму ўсяго хвілінаў пяць.

Ужо яму рукой падаць да плачу.

Абцасікі нястомна грукацяць.

Не адчувае шчасце подых драмы.

Святкуюць ногі. Сэрца не баліць.

А ўжо маланка чорнай тэлеграмы

вось-вось гатова радасць спапяліць.

Раптоўны гром яе вось-вось расплюшчыць.

Але пакуль што – радасць да аблок…

Не дай жа, Божа, шчасцю стаць відушчым,

каб побач з ім заўжды стаяў прарок.

*     *     *

Асенняя слота зацягвае сэрца густой павуцінай,

нашэптвае ціха: не рвіся, спыніся, замры…

Ды толькі зусім не сур’ёзная гэта прычына,

каб водбліскі ў ім не заўважыць вясенняй пары.

А вецер блукае, як бомж, непрыкаена-мокры,

да поўначы стукае ў шыбы жалосна: пусці…

Ды колькі разоў урывалася сонейка ў вокны,

каб я яго піў і хмялеў ад яго ў забыцці.

Нібы непрытомныя, цягнуцца ў вечнасць хвіліны.

Застыла душа і сябе ўсведамляе ледзь-ледзь.

Калышацца смутак асенні на голлях рабіны,

хоць радасць у гронках працягвае ўсё ж чырванець.

*  *   *

Жыццё – як расінка світальнай пары,

што ціха цяжэе, буйнеючы звыкла.

А сонца дыхне цеплынёю згары –

драбнее, лягчэе, марнее – і знікне.

Хоць, можа б, хацела вісець на траве,

бясконца на ветрыку ўдзень калыхацца.

Не страціць сябе яна і ў сіняве,

адкуль ёй удасца з дажджамі вяртацца.

Жыццё, як расінка, працягне свій шлях,

калі існавала з нябёсамі ў згодзе.

Душа пакружляе, як лёгенькі птах,

і шчылінку ў вечнасці ўсе ж такі знойдзе.

*  *   *

Мой запаветны верш маўчання,

цябе ніяк не напішу.

Усе грымотныя вяшчанні

ужо не радуюць душу.

Калісьці меў такі задор я –

ператвараць іх у званы.

Але да яснага надвор’я

не падыходзяць больш яны.

Мой запаветны верш маўчання,

з’явіся ў гамане людской.

Тваѐ ледзь чутнае дыханне

няхай прыносіць супакой.

*   *   *

Адчуеш горыч і самоту востра,

уявіш сябе шхунай між ільдзін

ці мараком, закінутым на востраў.

Агледзішся навокал. Ты адзін.

Зацяты. Нелюдзімы. Невясёлы.

Ты з дзікай воляй пасяліўся ўдвух.

Які ж ты ўсё-ткі хваравта-кволы,

з надуманымі комплексамі дух!

Сваю неапраўданую паныласць

раптоўнай радасцю апаласні.

Ты маеш лёсам дораную міласць –

не быць ахвярай марнай мітусні.

Гудзе сталічнай плошчы эйфарыя…

Дарэмна смутак раніць, як кап’ё.

Твой дух – у цэнтры. На перыфірыі –

астатні свет і водгулле тваё.

*   *   *

Агніста ззяе ісціна нязменна,

не траціць непаўторнасці сваёй.

Але чарговы творца задуменны

не хоча пахіліцца перад ёй.

Яе абвергнуць ёсць як быццам шанец…

Не здольны словы прамаўляць цішэй.

А раптам бойкі стылістычны танец

за нежывую ісціну вышэй?

Хоць, можа, і чураецца бязвер’я,

хоць па душы – нябесны херувім.

Ён, як паўлін, высока ставіць пер’е,

хаваючы нязначны дух пад ім.

*  *   *

Згрызоты, звягі гвалцяць згоду,

навокал бойкі і сутычкі.

Жадаюць людзі асалоды,

але атрымліваюць пстрычкі.

Ад бедаў войкаюць стагоддзі,

але не лепшаюць ніколькі,

сябе кусаюць пры нагодзе,

свае залізваючы болькі.

А хто ж нам дасць такія гранты,

каб мець за іх адну суцеху?

А прага наступаць на граблі

ужо не выклікае смеху.

*  *   *

Ах, піць бы радасць поўнай чашай

без марных высілкаў віна.

Але чамусьці ў хаце нашай

зусім мізэрная яна.

А без яе дык лёс ніякі,

і здасца гэткі лёс фігнёй.

І мы, як гончыя сабакі,

ганяемся ўвесь век за ёй.

Не прападае веры ўпартасць.

І спадзяюцца ледзь не ўсе,

што не пародыю на радасць,

а Радасць вечнасць паднясе.

*   *   *

Прысмак праўды – пякучая соль.

Свет, ці быў ён аднойчы без хібаў?

Рэчкай поўнаю колішні боль

выцякае з халодных архіваў.

Хто вас так вымушае цяпер там быць,

дзе не ўсміхаецца сонца,

пратаколаў ці іншых папер,

 праўды выплаканай улюбёнцы?

Праўда з вашых даверлівых рук

дзікай птушкай ірвецца на волю –

расфасоўшчыкі шчырыя мук,

дэгустатары горкага болю…

*   *   *

Глядзі, адбіўся твой няўцямны лёс

на ўсёй далоні, як на добрай карце.

З прыемнай пыхай задзіраеш нос,

калі стаіш упэўнена на старце.

Але занадта дужа не скуголь,

калі табе не той дастаўся выйгрыш.

Не гонар твой, але чамусьці боль

прыходзіць першым на галоўны фініш.

*  *   *

Лясная непаўторная краса.

Тут пастаіш. І ўжо шчаслівы, мусіць.

Ну каб жа так. Мабільніка аса

ужо звініць, цябе вось-вось укусіць,

падкінуўшы такую навіну,

што салаўям зусім ужо не рады.

І ты пабег, як быццам на вайну,

у свет, дзе ўжо чакаюць барыкады,

гул чуцен апантанасці людской,

дзе вечны бой бурліць не віртуальна.

Укралі выпадковы супакой

у нас, наіўных, проста геніяльна.

*  *   *

Можа, не, а можа, пан ты, па дарозе йдзеш адной.

Варыянты, як брыльянты, засталіся за спіной…

І яны гараць спакусна, бы ажыў былога свет.

Часта маладыя вусны пацалункі шлюць услед.

Што збылося – не збылося, знае толькі лёс-вар’ят.

Як жа выбраць нам у лёсе самы лепшы варыянт?

*  *   *

Як спраўдзіць запаветы,

як верыць усяму?

Аж рояцца ў паветры

шматлікія “чаму”.

Ты праўды ўсёй шукальнік,

ты збіўся проста з ног.

Як вечны крыж, пытальнік

праз цэлы свет пралёг.

Не ўцяміш ты адразу,

як ваяваць са злом.

Завязаны адказы

усе марскім вузлом.

*  *   *

Як часта ззяе памяці экран,

пракручваюцца даўнія стасункі.

Выходзяць зноўку на пярэдні план

жывыя, хоць забытыя маланкі.

Мяняюцца і лезуць кожны міг,

нагадваючы ўзлёты і няўдачы.

Я не вачамі сённяшнімі іх,

а млосным сэрцам штохвілінна бачу.

І свецяцца на тым экране ўсе

харошыя й нядобрыя набыткі.

Малюнак кожны ўслужліва нясе

маёй душы выразныя адбіткі.

І кожны з іх – ці прыкладай да ран

альбо нібы вугольчык той гарачы…

Штодзённа ззяе памяці экран,

дзе я сябе без падмалёўкі бачу.

"> ,next:openstat};(function(d,t){var j=d.createElement(t);j.async=true;j.type="text/javascript";j.src="//openstat.net/cnt.js";var s=d.getElementsByTagName(t)[0];s.parentNode.insertBefore(j,s)})(document,"script")