«

»

Распечатать Запись

Сцэнарый урока беларускай мовы ў 6 класе

Сцэнарый урока беларускай мовы  ў 6  класе

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры 2 катэгорыі ДУА “Сярэдняя школа №2 г.Смаргоні”

Петрушэвіч Вольга Уладзіміраўна

Тэма ўрока: Трыванні дзеяслова

Мэта урока: плануецца, што вучні засвояць паняцці “закончанае і незакончанае трыванне дзеяслова”, навучацца правільна вызначаць трыванне дзеясловаў , ўтвараць дзеясловы пэўнага трывання і ўжываць дзеясловы пэўнага трывання ў маўленні

Мэта на мове вучняў:

  • ведаю, якія бываюць трыванні дзеясловаў
  • умею вызначаць трыванне дзеяслова
  • умею ўтвараць дзеясловы пэўнага трывання
  • умею ўжываць у маўленні

НаШтоБузу:

  • веданне марфалагічнай катэгорыі “трыванне дзеяслова”
  • уменне беспамылкова вызначаць трыванне дзеясловаў
  • уменне ўтвараць дзеясловы закончанага трывання ад дзеясловаў незакончанага трывання і наадварот
  • уменне ствараць тэкст на прапанаваную тэму

Ход урока

І. Арганізацыйны момант

Настаўнік: Сардэчна вітаю ўсіх, сядайце, калі ласка. Паважаныя сябры! Запляскайце ў далоні тыя, хто любіць вясну. Заплюшчыце вочы тыя, каму падабаецца чытаць вершы. Патрыце вушы тыя, хто гатоў актыўна працаваць. Усміхніцеся тыя, хто лічыць, што веданне беларускай мовы спатрэбіцца ў жыцці. Дзякуй!

Але ці магчыма аб’яднаць у адно цэлае на ўроку вясну, паэзію, працу, беларускую мову? Паспрабуем гэта зрабіць разам. Жадаю поспехаў! А каб вашы поспехі не засталіся незаўважанымі, вы будзеце фіксаваць іх у лісце самаканролю. Падпішыце свае лісты. (Дадатак 1)

ІІ. Праверка дамашняга задання

На дом вы атрымалі розныя дамашнія заданні ў залежнасці ад узроўню засваення мінулай тэмы. (Дадатак 2) Зверце правільнасць выканання дамашняга задання з эталонам на слайдзе.   Занясіце свае вынікі ў ліст самакантролю.

(Кожны вучань ацэньвае сам сябе)

ІІІ. Актуалізацыя раней набытых ведаў

Настаўнік прапануе сумесна разгадаць крыжаванку (выкарыстоўваецца метад “Непадымання рукі”):

  1. Часціна мовы, якая абазначае дзеянне (дзеяслоў)
  2. Часціна, якая з дзеясловамі пішацца асобна (не)
  3. Неазначальная форма дзеяслова (інфінітыў)
  4. Адна з катэгорый дзеяслова (час)
  5. Дзеяслоў указвае на таго, хто ўтварае дзеянне (асабовы)
  6. Член сказа, якім звычайна з’яўляецца дзеяслоў (выказнік)
  7. Гэты дзеяслоў абазначае дзеянне, якое накіравана на самога ўтваральніка дзеяння (зваротны)
  8. Марфема, пры дапамозе якой утвараюцца зваротныя дзеясловы (постфікс)

017

Настаўнік: Якое слова атрымалася ў выдзеленым слупку? Гэта яшчэ адна катэгорыя дзеяслова. Трыванне дзеяслова – гэта тэма нашага сённяшняга ўрока (Запісваю тэму на дошцы)

  1. IV. Мэтавызначэнне

Настаўнік: Вы ведаеце тэму ўрока, а зараз давайце вызначым мэты, чаго вы павінны дасягнуць.

На дошцы вывешаны словы:

Ведаю:

Умею:

Вучні называюць, а настаўнік запісвае на дошцы. Вызначаецца  НаШтоБуЗу.

  1. V. Знаёмства з новай тэмай

На слайдзе карцінкі: Хлопчык ловіць рыбу – злавіў рыбу

Вогнішча гарыць – дагарэла.

Праца ў парах. Вучні атрымалі алгарытм разважання. І па ім абмяркоўваюць. (Дадатак 3)

Вучні, якія гатовыя адказваць, падымаюць зялёную картку. Настаўнік выклікае агучыць свае вывады. (выкарыстоўваецца метад “Светлафор”, метад “Непадымання рукі”)

Настаўнік: Давайце зверым свае вывады з падручнікамі. Ст. 238 (Вучні чытаюць правіла)

Ці правільнымі былі нашы вывады?

Што новага даведаліся з правіла?

Зварот да мэты ўрока. Давайце звернемся да мэты, якую мы вызначылі на пачатку урока. Цяпер мы ведаем, што… (Метад “Непадымання рукі”)

Вучні прагаворваюць правіла

  1. VI. Выпрацоўка ўменняў і навыкаў
  2. Арфаграфічная хвілінка.

Вёска Саматэвічы, Касцюковіцкі раён, Магілёўская вобласць, сям’я, тысяча дзевяцьсот чатырнаццаты, часопіс “Полымя”, верш “Бывай”, песня.

Узаемаправерка. Звяраюць са слайдам. Выстаўляюць балы сваім сябрам у ліст самакантролю.

  1. Падрыхтаваны вучань расказвае пра А.Куляшова
  2. Музычны дыктант

Настаўнік: А зараз я прапаную вам незвычайны музычны дыктант. Давайце паслухаем песню “Алеся” на словы А. Куляшова, музыку напісаў І.Лучанок (слухаем адзін куплет і прыпеў). Падчас праслухоўвання ваша задача выпісаць усе дзеясловы, якія вы пачуеце. На партах ляжыць тэкст гэтай песні, якім вы можаце карыстацца. (Дадатак 4)

Два першыя дзеясловы для ўзору разбіраем сумесна, а астатнія самастойна.

Абмяняйцеся сшыткамі. Звярце са слайдам. Занясіце вынікі ў ліст самакантролю.

Фізкультхвілінка (рэлаксацыя пад музыку)

Заплюшчыце вочы. Уявіце, што прама ў твар вам свеціць сонейка. Вы цягнецеся насустрач яго цёплым праменням. Ваша цела напаўняецца сілай, бадзёрасцю. Злавіце адзін праменьчык, пакладзіце яго сабе ў сэрца. Злавіце другі – аддайце свайму сябру па парце. Злавіце яшчэ некалькі праменьчыкаў, іх пакіньце тым, каго вы любіце. Дакраніцеся далонькамі адзін да аднаго. Няхай святло вясновага сонейка застанецца ў вашых сэрцах.

  1. а) На слайд выведзены радкі з верша Куляшова “Над брацкай магілаю”.

Ёсць пад Стараю Русаю

руская вёска Лажыны.

Там, нібы ў Беларусі,

і вербы растуць і рабіны.

Там жаўцеюць

Прыгожыя

Краскі

За вёскай у лузе,

Там ржавеюць

Варожыя

Каскі,

Нібы ў Беларусі.

Там магіла ёсць брацкая ў лузе

за вёскай Лажыны,

Там хлапцы беларускія

чэсна галовы злажылі.

Да якога трывання належаць падкрэсленыя дзеясловы?

Запішыце іх у сшытку ў слупок.

Пры дапамозе прыставак утварыце дзеясловы закончанага трывання.

(Вучні звяраюць са слайдам і заносяць у ліст самакантролю)

 

б) На слайд выведзены радкі з верша Куляшова “Калі вясною закукуе…” Калі вясною закукуе
Зязюля ў лесе раніцой,
Ты прыгадай вясну другую,
Бары на Міншчыне маёй.

Згадай усё, што сэрцу міла,
Што сэрцу дорага было.
Забудзь, што ўсё адгаманіла,
Адкукавала, адышло….

Забудзь, што рэху не вярнуцца
Ні да цябе, ні да мяне.
Забудзь!.. Хай сэрцы адгукнуцца
Адно другому па вясне.

Настаўнік чытае верш.

Настаўнік:Запісваем дзеясловы ў слупок, вызначаем трыванне.

Сумесна выконваем заданне: ад дзеясловай закончанага трывання ўтварыць дзеясловы незакончанага трывання.

  1. Творчае заданне

Работа ў групах. За вокнамі вясна. На слайдзе фотаздымак з вясновым пейзажам. Напішыце міні-сачыненне на тэму “Вясна прыйшла”. Выкарыстоўвайце дзеясловы толькі закончанага трывання.

Настаўнік ацэньвае работу кожнай групы пэўнай колькасцю балаў. Вучні ў групе павінны падзяліць гэты бал паміж сабой. І занесці сабе ў ліст самакантролю.

 

VII. Падвядзенне вынікаў

Настаўнік: Ці дасягнулі мы мэтаў, якія ставілі перад сабой у пачатку урока.

Падлічыце свае балы, якія вы набралі.

Расшыфроўка з’яўляецца на слайдзе.

Пастаўце сабе адзнаку.

3 – 4 вучні каменціруюць свае адзнакі.

VIII. Дамашняе заданне.

Настаўнік: Я традыцыйна прапаную дамашняе заданне на выбар, канкрэтныя рэкамендацыі па выкананні дамашняга задання вы атрымоўваеце на картках. (Дадатак 5)

Настаўнік заканчвае ўрок радкамі з верша А.Куляшова

Ужо даўно абрус зімовы
Сатлеў пад цёмнай яліной.
А лес маўчыць — яму, без мовы,
Як называць вясну вясной?

 

Ды вось, як першае прызнанне
Вясны маўклівым гушчаром,
Залётнай госці кукаванне
Завітвае ў дрымотны дом.

 

Гучней, гучней, пад небам сінім,
Пры заклапочанай вадзе,
Ажыўшым ясеням, асінам
Яно бясконцы лік вядзе.

 

Прыціхла непралазь лясная,
Як быццам чуе ўпершыню
Той гук, што пушчу вымярае
У шырыню і ў даўжыню.

 

Свет абуджае кукаванне,
На поўнач гонячы зіму.
I, парушаючы маўчанне,
Я адгукаюся яму.

 

 

Дадатак 1

Ліст самакантролю________________________________________

Дам.

заданне

Арфагр.

хвілінка

Музычны

дыктант

Пераўтварэнні Спроба

пяра

Агульная колькасць

балаў

Адзнака

за ўрок

Мінус 1 бал за

памылку

1 бал за кожнае правільна напісанае слова 1 бал за кожнае правільна вызначанае слова 1 бал за кожнае правільна ўтворанае слова Работу

ацэньвае

група

   
 

 

 

           

 

Дадатак 2

НаШтоБуЗУ да дамашняга задання па тэме «Зваротныя дзеясловы»

5 – 6 балаў

  1. Зможаш расказаць, што абазначаюць зваротныя дзеясловы і як яны ўтвараюцца.
  2. Практыкаванне 406. З прапанаванага тэксту выпішы зваротныя дзеясловы.
  3. Выканай работу акуратна, без памылак.
  4. Паўторыш правапіс уласных назоўнікаў і правапіс лічэбнікаў.

7 – 8 балаў

  1. Зможаш расказаць, што абазначаюць зваротныя дзеясловы і як яны ўтвараюцца.
  2. Утворыш ад прапанаваных ніжэй дзеясловаў, зваротныя:

Глядзець, ірву, сапсуе, падрыхтуеш,вучу, хваліць, кінуць.

  1. Выканай работу акуратна, без памылак.
  2. Паўторыш правапіс уласных назоўнікаў і правапіс лічэбнікаў.

9 – 10 балаў

  1. Зможаш расказаць, што абазначаюць зваротныя дзеясловы і як яны ўтвараюцца.
  2. Практыкаванне 453. Перакладзеш на беларускую мову 6 першых сказаў.
  3. Запішаш сказы акуратна, без памылак.
  4. Знойдзеш і падкрэсліш зваротныя дзеясловы.
  5. Паўторыш правапіс уласных назоўнікаў і правапіс лічэбнікаў.

 

Дадатак 3

Алгарытм разважання.

  1. Разгледзьце карцінкі на слайдзе і абмяркуйце ў парах, чым яны адрозніваюцца?
  2. Якое дзеянне абазначаюць дзеясловы піша, ловіць?
  3. Якое дзеянне абазначаюць дзеясловы напісаў, злавіў?
  4. Пастаўце пытанні да слоў піша, ловіць, а пасля да слоў напісаў, злавіў.

Дадатак 4

Музычны дыктант

Алеся
(Музыка І. Лучанка,словы А. Куляшова)

1.Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая!
Чаму так горка, не магу я зразумець…
Шкада заранкi мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.

Прыпеў:Пайшла, нiколi ўжо не вернешся, Алеся,
               Бывай, смуглявая, каханая, бывай!
               Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
               Самотным жаўранкам звiнiць i плача май.

2.Пайшла, пакiнуўшы мне золкi i туманы,
Палынны жаль смугой ахутаных дарог.
Каб я хвiлiнаю нанесеныя раны
Гадамi ў сэрцы заглушыць сваiм не мог!

Прыпеў:Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.
Бывай смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.

                  

                                                                                                                    Дадатак 5

НаШтоБуЗУ да дамашняга задання па тэме «Трыванні дзеяслова»

5 – 6 балаў

  1. Зможаш расказаць, якія бываюць трыванні дзеясловаў і як іх вызначаць.
  2. Практыкаванне 455. Выпішаш дзеясловы, вызначыш трыванне.
  3. Выканаеш работу акуратна, без памылак.
  4. Паўторыш правапіс мяккага знака.

7 – 8 балаў

  1. Зможаш расказаць, якія бываюць трыванні дзеясловаў і як іх вызначаць.
  2. Практыкаванне 462. Уставіш прапушчаныя дзеясловы, патрэбнага трывання.
  3. Вызначыш трыванне дзеясловаў, якія ўставіў.
  4. Падкрэсліш гукі, якія чаргуюцца.
  5. Выканаеш работу акуратна, без памылак.
  6. Паўторыш правапіс мяккага знака.

9 – 10 балаў

  1. Зможаш расказаць, якія бываюць трыванні дзеясловаў і як іх вызначаць.
  2. Напішаш міні-сачыненне на тэму “Калі я стану дарослым…”
  3. Аб’ём сачынення 6 – 7 сказаў.
  4. Ужываць у сачыненні дзеясловы розных трыванняў.
  5. Стыль тэксту – мастацкі.
  6. Работа выканана акуратна, без памылак.
"> ,next:openstat};(function(d,t){var j=d.createElement(t);j.async=true;j.type="text/javascript";j.src="//openstat.net/cnt.js";var s=d.getElementsByTagName(t)[0];s.parentNode.insertBefore(j,s)})(document,"script")